КАМІТЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНАЙ БЯСПЕ́КІ (КДБ) Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскі орган дзярж. кіравання, які ажыццяўляе ў межах сваіх паўнамоцтваў кіраванне ў сферы забеспячэння бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы. Утвораны 23.10.1991 на аснове былога КДБ БССР. Узначальваецца старшынёй КДБ, якога назначае на пасаду Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Прававая аснова і прынцыпы дзейнасці, сістэма органаў дзярж. бяспекі і іх паўнамоцтвы рэгламентуюцца Законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3.12.1997. Асн. кірункі дзейнасці: разведвальная і контрразведвальная дзейнасць, барацьба са злачыннасцю, арганізацыя ўрадавай і аператыўнай сувязі. Кантроль за дзейнасцю органаў КДБ ажыццяўляе Прэзідэнт і СМ Рэспублікі Беларусь, нагляд за законнасцю іх дзейнасці — Ген. пракурор Рэспублікі Беларусь і падначаленыя яму пракуроры.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)